A+ A A-

РУСІФІКАЦЫЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ НА БЕЛАРУСІ Ў ХХ СТ.

Трэба адзначыць, што русіфікацыі папярэднічала шматгадовая паланізацыя, якая пачалася з канца XVII ст., калі ў ВКЛ дзяржаўнай мовай стала польская. На працягу XVIIІ ст. старабеларуская літаратурная мова была знішчаная, эліта перайшла на польскую мову і толькі сяляне ў большасці непісьменныя захоўвалі гутарковую беларускую мову ў выглядзе шматлікіх дыялектаў і гаворак.

 

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай польская мова панавала на Беларусі да паўстання 1830 – 1831 гг. Менавіта на ёй працаваў Віленскі ўніверсітэт і большасць навучальных устаноў віленскай адукацыйнай акругі. Мясцовае насельніцтва рускую мову ведала дрэнна, асабліва сяляне.

На Беларусі сфармавалася краёвая польская культура, пра якую добра сказаў А.Луцкевіч. У сваёй нататцы “Эвалюцыя краёвае культуры” ён піша, што “Наша краёвая культура XVIIІ – пер. пал. ХІХ ст., нягледзячы на польскую мову, па свайму ўнутранаму зместу была вельмі далёкай ад культуры Польшчы. Істотныя змены пачаліся пасля адмены прыгону, калі на гістарычную сцэну выйшла беларускае сялянства” [1].

Русіфікацыя Беларусі пачалася ў часы праўлення Мікалая І, якога не выпадкова называлі жандармам Еўропы.

Галоўнай ідэалагічнай асновай русіфікацыі на Беларусі пасля падаўлення паўстання 1830 – 1831 гадоў стаў “Западно-руссизм”. Як асобная сістэма поглядаў ён канчаткова аформіўся пасля здушэння наступнага паўстаня 1863 – 1864 гадоў. Галоўным ідэолагам гэтай плыні стаў сын уніяцкага святара з Пружаншчыны, прафесар і гісторык М.Каяловіч, які атрымаў непасрэдную падтрымку ад М.Мураўёва, генерал-губернатара “Северо-Западного края”. Асноўная ідэя гэтай плыні была ў непрызнанні самастойнасці і ідэнтычнасці беларускага этнасу. З узнікненнем беларускай ідэі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. тэарэтыкі і практыкі “западно-руссизма» сталі актыўна змагаюцца з беларускім адраджэннем і асабліва нападалі на “Нашу Ніву”. Гэта рабілася пад лозунгамі абароны рускага праваслаўя і інтарэсаў беларускіх сялян. У 1928 годзе Аляксандр Цьвікевіч надрукаваў грунтоўную працу на гэтую тэму [2].

Аднак нягледзячы на супраціў “западно-руссов” у час перапісу 1897 сярод родных моў народаў Расійскай імперыі з’явіліся беларуская, разам з вялікарускай і маларускай (украінскай – А.Т).  Вынікі перапісу натхнілі нешматлікую беларускую інтэлігенцыю актыўна змагацца за свае моўныя і культурныя правы. Так, напрыклад, у шматнацыянальнай Віленскай губерні роднай беларускай мовай назвала большасць насельніцтва (56,2 %) у той час палякі склалі 8,2 %, вялікарусы 4,9 % і маларосы 0,19 % [3].

У час першай рускай рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. назіраецца нацыянальны уздым усіх шматлікіх народаў Расійскай Імперыі. Не засталіся ў баку і беларусы.

Першае месца ў гэтым змаганні з русіфікацыяй заняла беларуская газета “Наша Ніва”. Ужо ў першым нумары газеты “Наша Ніва” ад 10 (23) лістапада 1906 года Мацей Крапіўка падымае пытанне аб шкодзе русіфікацыі ў сістэме адукацыі і прапануе беларусам дамагацца беларускай пачатковай школы. Ён піша, што ўсе суседнія народы, палякі, літоўцы, украінцы ўжо маюць свае школы на роднай мове, толькі беларусы спазняюцца. Прычым каталікі ахвотней пасылаюць сваіх дзетак да польскай школы, а праваслаўныя – па-старому – да расейскай. Таксама аўтар паведамляе, што толькі першы год як нам, беларусам, дазволілі друкаваць кніжкі па-нашаму, такімі літарамі, якія нам патрэбныя – і польскімі і і рускімі (раней дазвалялі друкаваць толькі рускімі). Гэта сведчыць аб тым, што пад ціскам абставін з 1906 г. русіфікацыя крыху зменшылася, але беларускія школы ў Расійскай імперыі так і не з’явіліся.

У наступным, другім нумары газеты ад 16 (29) лістапада  рэдакцыя паведаміла, што першы нумар беларускамоўнай газеты выклікаў вялікае ўзрушэнне. Непрыхільнікі беларушчыны пісалі, “што беларуская мова мёртвая і яе не варта падымаць з магілы”. Адказ быў такі. Па-беларуску гавораць каля 10 мільёнаў і мы будзем пісаць “па-мужыцку” – значыцца “па-беларуску”.

У сёмым нумары “Нашай Нівы”, у артыкуле “Беларуская мова ў казённай школе” аўтар “Дзядзька Карусь” падрабязна раскрыў працэс русіфікацыі беларускіх дзяцей спачатку ў школе, а потым і ў семінарыі праз смех і цкаванне беларускіх слоў і выразаў. Дарэчы, гэтая практыка потым паспяхова дзейнічала ў СССР, асабліва ў савецкім войску і ВНУ.

Пад час Першай Сусветнай вайны, калі ў 1915 г. частка Беларусі была занятая нямецкім войскам, русіфікацыя на акупаванай тэрыторыі спынілася. Немцы дазволілі адкрыць беларускія школы і нават семінарыі, аднак “Наша Ніва” спыніла сваё  існаванне.

У сакавіку 1918 года ў часы нямецкай акупацыі большай часткі Беларусі ўрад БНР абвесціў беларускую мову дзяржаўнай і выступіў супраць русіфікацыі. У 1919 годзе бальшавікі ў Смаленску абвесцілі БССР, якую неўзабаве зменшылі ў два разы і ператварылі ў “Літ-Бел” са сталіцай у Вільні. Аднак польская армія за некалькі месяцаў разбіла войска “Літ-Бела” і заняла яе тэрыторыю. Зноў БССР у памерах шасці паветаў былой Мінскай губерні абвясцілі ў 1920 годзе.

Упершыню пра беларусізацыю сказалі ў снежні 1920 г. на  ІІ Усебеларускім з’ездзе Саветаў, а потым у лютым на ІІ сесіі ЦВК Беларусі. Прынялі рашэнне аб пераходзе ў галіне асветы на беларускую мову выкладання. На Х з’ездзе РКП(б) у сакавіку 1921 г. І.Сталін сказаў, што існуе беларуская нацыя, у якой ёсць свая мова, адметная ад рускай [4].

Тут вялікую ролю адыграў першы рэктар БДУ Уладзімір Пічэта, які ў жніўні 1923 года выдаў грунтоўную брашуру “Беларуская мова як фактар нацыянальна-культурны” (с. 117). У ліпені 1924 г. другая сесія ЦВК БССР афіцыйна аб’явіла аб беларусізацыі і прыняла спецыяльную пастанову на гэты конт. 4 дзяржаўныя мовы, але мова зносін у БНР беларуская, а з органамі СССР – руская. Быў прыняты дэвіз “Уся КП(б)Б павінна гаварыць на беларускай мове”.

У 1922 годзе Язэп Лёсік у газеце “Вольны Сьцяг” пісаў, што толькі мова злучае ў адзіны народ пераважную большасць жыхароў этнаграфічнай Беларусі [5]. Але беларускае адраджэнне існавала не доўга. З кастрычніка 1930 г. пачалі змагацца з вялікарасейскім шавінізмам і мясцовым нацыяналізмам. З’явіліся нацдэмы. Пачаліся арышты, высылкі, а потым і масавыя расстрэлы беларускай эліты.

28 жніўня 1933 года Савет народных камісараў БССР прыняў пастанову “Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу”, якая тычылася не толькі правапісу, але  фанетычных і марфалагічных асаблівасцей беларускай мовы. Пасля верасня 1939 года русіфікацыя пачалася і на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якую далучылі да БССР. Большасць мясцовых савецкіх газет адкрылі на рускай мове, польскія школы закрываліся, іх пераводзілі на рускую і беларускую формы навучання.

Аднак, нягледзячы на сталінскія рэпрэсіі, большасць беларускіх школ заставалася беларускімі. Беларускія школы існавалі з дазволу немцаў і ў цэнтральнай Беларусі ў часы акупацыі 1941 – 1944 гг. Пасля вайны тэмпы русіфікацыі на Беларусі набылі новы імпульс, бо колькасць беларускай інтэлігенцыі, якая дбала пра беларускую мову і культуру значна зменшылася. Тыя, хто не загінуў падчас рэпрэсій 30-х гадоў, загінуў на фронце, альбо мусіў пасля 1944 года падацца ў эміграцыю, калі жыў і працаваў на акупаванай немцамі тэрыторыі.

Культ Сталіна дасягнуў свайго эпагея. 10 ліпеня 1945 года газеты “Советская Белоруссия” на рускай мове і “Звязда” на беларускай мове надрукавалі “Ліст Сталіну ад працоўных БССР”, які падпісалі 2 млн 547 тыс. 360 чалавек. У гонар Сталіна назвалі сотні калгасаў, прадпрыемстваў і вуліц. У снежні 1949 года, калі святкавалі 70-я ўгодкі Сталіна ў БССР адбылося 32 тысячы мітынгаў, у якіх узялі ўдзел тры мільёны чалавек. У 1949 годзе першы сакратар ЦК КП(б)Б Гусараў прапанаваў горад Бабруйск назваць як горад Сталін, але Масква яго не падтрымала. Аднак у Мінску з’явіўся праспект Сталіна, дзе ў 1952 годзе  паставілі вялізны шасціметровы помнік правадыру [6].

У БССР на кіруючыя пасады з іншых тэрыторый СССР прысылалі тысячы розных кіраўнікоў, якія не толькі не ведалі беларускай мовы, гісторыі і культуры, але прынцыпова не хацелі яе ведаць.  Пасля 1946 г. пачалася “Халодная вайна” і Беларусь ператварылася ў вялікую ваенную базу з велізарным савецкім войскам, цалкам зрусіфікаваным і варожым да ўсіх нацыянальных праяваў. Беларускія школы ў гарадах пачалі пераводзіцца на рускую мову навучання.

Пасля смерці Сталіна сітуацыя стала яшчэ горшай, бо Мікіта Хрушчоў аб’явіў вайну рэлігіі і нацыянальным культурам у СССР. Палігонам для русіфікацыі і стварэння новага савецкага чалавека, які думае і размаўляе па-руску, ён выбраў Беларусь, пра што і сказаў у Менску пад час свайго прыезду сюды.

Паводле афіцыйных звестак у 1955/56 гадах на Беларусі ў 1955/56 навучальным годзе 95 %  школ вяло навучанне па-беларуску і толькі 5 %    –  па-расейску. Але гэта было толькі на паперы, бо ў большасці школ, акрамя беларускай мовы і літаратуры заняткі праходзілі на рускай мове. Пасля 1945 года ва ўсіх ВНУ і тэхнікумах выкладанне ішло амаль цалкам па-руску. Аб гэтым напісаў у сваім артыкуле ў 1957 годзе малады беларускі пісьменнік Барыс Сачанка [7].

Новы ўдар па беларушчыне быў нанесены ў пачатку 1959 года, калі быў прыняты новы закон, які дазваляў не вывучаць беларускую мову ў школах з рускай, альбо іншай мовай навучання згодна жадання вучняў і іх бацькоў. У першую чаргу вызваляць сваіх дзетак ад вывучэння “чужой, брыдкай і непрыгожай” мовы пачалі вайскоўцы, дзяржаўныя чыноўнікі і партыйныя небеларускія наменклатуршчыкі. Да 1961 года ўсе беларускамоўныя школы ў вялікіх гарадах і раённых цэнтрах былі пераведзены на рускую мову навучання. Першы беларус у пасляваенны перыяд на пасадзе кіраўніка кампартыі Беларусі Кірыла Мазураў, які падчас прыезду Хрушчова ў Мінск зрабіў свой даклад па-беларуску, атрымаў за гэта крытычную заўвагу з боку высокага госця і неўзабаве быў адхілены ад сваёй пасады. У 1960 годзе на Беларусі выходзіла 154 газеты на беларускай мове і 45 найменняў на рускай мове, аднак гадавы наклад рускамоўных газет склаў 174 млн. асобнікаў, а беларускіх – толькі 150 млн. У гэтым жа годзе выйшла па-беларуску 425 найменняў кніг, а на рускай мове – 1175 [8].

У брэжнеўскія часы, часы застою, русіфікацыя амаль перамагла, асабліва ў гарадах. У Мінску былі выпадкі, калі ў школах нават беларускую літаратуру вывучалі па-расейску. Апошняе “паляванне” на “нацыяналістаў” адбылося ў 1973 годзе, калі некаторыя беларускія навукоўцы, што як маглі змагаліся за родную мову былі рэпрэсаваныя і пазбаўленыя працы па спецыяльнасці. Аднак супраціў працягваўся. Існавалі невялічкія групы аднадумцаў сярод пісьменнікаў, студэнтаў, гісторыкаў і этнографаў, мастакоў і журналістаў. Пісалі свае творы ў абарону роднай мовы, гісторыі і культуры Ніл Гілевіч, Уладзімір Караткевіч, Мікола Ярмаловіч, Мікола Улашчык, Максім Танк, Пімен Панчанка, Алесь Бембель і іншыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Яны падрыхтавалі наступнае беларускае адраджэнне. Абуджэнне цікавасці да мінулага прывяло да стварэння моладзевых клубаў – “Майстроўня” (1980), “Нашчадкі” (студэнты Менскага педагагічнага інстытута, 1983 – 1991 гг.), “Талака”. Творчыя выступленні Акадэмічнай харавой капэлы Р.Шырмы, Беларускага дзяржаўнага народнага хору (мастацкі кіраўнік Г.Цітовіч), эстраднага ансамбля “Пясняры” (мастацкі кіраўнік У. Мулявін) і харэаграфічнага ансамбля “Хорошкі” (мастацкі кіраўнік Валянціна Гаявая) абуджалі нацыянальную свядомасць беларускага народа і асабліва моладзі.

Такім чынам, да 1988 г. творчай інтэлігенцыяй была закладзена добрая аснова для аднаўлення і росквіту беларускай культуры. Аднак на той час у Менску не было ніводнай беларускай школы. Па-беларуску вучылася толькі адна дзяўчынка Наста Лісіцына, дзякуючы нечалавечым намаганням яе бацькоў.      

Беларускае нацыянальнае адраджэнне ў канцы XX ст. непасрэдна звязана з гарбачоўскай перабудовай грамадства і пачаткам галоснасці ў Савецкім Саюзе. Пачатак яму на Беларусі паклалі звароты беларускай творчай інтэлігенцыі сталіцы да Генеральнага сакратара ЦК КПСС М. С. Гарбачова – “Пісьмо 28-мі”, накіраванае ў Маскву 15 снежня 1986 г. і “Пісьмо 134-х грамадзянаў Беларусі”, высланае 4 чэрвеня 1987 г. Першы зварот даў пэўны вынік. З Масквы для высвятлення становішча з беларускай мовай у рэспубліцы прыязджала спецыяльная камісія ЦК КПСС [9]. У красавіку 1989 г. у газеце “Літаратура і мастацтва” з’явілася рубрыка “Беларускай мове – статус дзяржаўнай”. На старонках газеты друкаваліся артыкулы ў абарону беларускай мовы шырокага кола чытачоў – ад  пісьменніка да рабочага і калгасніка.

Па ініцыятыве Ніла Гілевіча 27 чэрвеня 1989 года арганізавана “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны”, у якую ўступілі тысячы чалавек. Старшынём Рэспубліканскай Рады грамадскага аб’яднання ТБМ імя Ф. Скарыны на Ўстаноўчым з’ездзе арганізацыі быў абраны паэт Ніл Гілевіч.

Ніл Гілевіч і Пётра Краўчанка былі ініцыятарамі падрыхтоўкі Закона аб дзяржаўнасці беларускай мовы. Яго рыхтавала аўтарытэтная камісія з розных устаноў на чале з намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР    Н.М.Мазай. Закон “Аб мовах у Беларускай ССР” быў прыняты Вярхоўным Саветам БССР 11 -га склікання на чатырнаццатай сесіі 26 студзеня 1990 г. У законе абвяшчалася дзяржаўнасць беларускай мовы, адзначалася, што ёй забяспечваюцца ўсебаковае развіццё і функцыянаванне ва ўсіх сферах грамадскага жыцця і пры гэтым дзяржава клапоціцца аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў, якімі карыстаецца насельніцтва Беларусі. Рускай мове адводзілася роля міжнацыянальных зносін. Выкананне Закона аб мовах было расцягнута на 10 гадоў.

У сувязі з прыняццем Закона аб мовах была распрацавана Дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР, якая была зацверджана 20 верасня 1990 г., аднак склалася так, што той закон не быў выкананы поўнасцю. 

Аднак працэс русіфікацыі ў БССР спыніўся і пакрысе пачаўся адваротны працэс. Рэспубліканская Рада Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны стварыла Тэрміналагічную камісію, якую ўзначаліў біёлаг Язэп Стэпановіч. У выніку яе актыўнай дзейнасці былі падрыхтаваны і надрукаваны некалькі тэрміналагічных беларускіх слоўнікаў: вайсковы, тэхнічны, матэматычны, антрапанімічны.

Асноўнай  мэтай дзейнасці Тэрміналагічнай камісіі з’яўляецца падрыхтоўка базавай асновы для беларусізацыі працоўнай і вайсковай дзейнасці, а таксама і сямейнага побыту. На беларускай мове выдадзены “Матэматычная энцыклапедыя” (2001 г.), трохтомавы  “Курс вышэйшай матэматыкі” (1994, 1997, 2003 гг.) для студэнтаў ВНУ.

Пасля набыцця незалежнасці ў 1991 годзе змаганне з русіфікацыяй набыло новую моц. Пачалася беларусізацыя дзяржаўных органаў, сістэмы адукацыі і культуры, а таксама міліцыі і Узброеных Сілаў. З 1993 г. пасяджэнні сесіі Вярхоўнага Савета вяліся на беларускай мове. Беларускія вучоныя і настаўнікі напісалі вучэбныя дапаможнікі па гісторыі Беларусі для сярэдніх школ. У Менску 42 сярэднія школы атрымалі статус беларускіх. Настаўніца-метадыст В.К.Раманцэвіч і вайсковец падпалкоўнік У.М.Танана напісалі і выдалі дапаможнік для вайскоўцаў “Беларуская мова” (Мінск, 1993). Беларускую мову пачалі вывучаць у войску. Праваслаўная і каталіцкая цэрквы ўсё часцей выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці беларускую мову. Прыклад у гэтым паказвае грэка-каталіцкая царква. Значныя поспехі ў пераводзе богаслужэння на беларускую мову мае рымска-каталіцкая царква.

15 сакавіка 1994 года была прынята першая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, у якой быў замацаваны статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай мовы краіны. 

Аднак пасля прэзідэнцкіх выбараў летам 1994 года сітуацыя пачала мяняцца. Першы прэзідэнт краіны і яго атачэнне прынцыпова не размаўлялі па-беларуску і пачалі адразу шкодзіць беларускаму адраджэнню. Яны задумалі правесці рэферэндум з мэтай адмены гістарычнай беларускай дзяржаўнай сімволікі і прапановай надаць рускай мове роўны статус з беларускай.  

У сакавіку 1995 года 74 дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі  звярнуліся да Прэзідэнта з просьбай надаць рускай мове (у Беларусі) статус другой дзяржаўнай. Іх прозвішчы былі надрукаваны ў газеце “Звязда” ад 18 сакавіка 1995 года. Пра іх ініцыятыву беларускі паэт і дэпутат Ніл Гілевіч сказаў наступнае: “Гэта значыць, патрабуюць беларускую мову як дзяржаўную ліквідаваць. Іначай разумець іх просьбу нельга. У нашых умовах даць рускай мове правы дзяржаўнай – гэта азначае: беларускай мове смерць.

Вось такія патрыёты Роднай зямлі, Роднай мовы. Такія слугі
беларускага народа”.   

У сваю чаргу 10 красавіка 1995 г. 73 дэмакратычныя дэпутаты ўнеслі такую прапанову, як:

1) Просім унесці на рэспубліканскі рэферэндум наступнае пытанне, якое носіць кансультацыйны характар:

“Ці згодны вы з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які   выкладзены ў наступнай рэдакцыі: “Дзяржаўнай  мовай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца беларуская мова.        

Рэспубліка Беларусь забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай, як мовай міжнацыянальных зносін “?”

“Так” ці “Не”.

Аднак гэтая і іншыя прапановы не былі падтрыманыя большасцю Вярхоўнага Савета і тады частка апазіцыі пайшла на радыкальны крок і 11 красавіка абвесціла галадоўку пратэста прама ў зале парламента. I здарылася неверагоднае, дэпутаты не прынялі пытанні па мове, сімвалах і роспуску ВС, засталося толькі пытанне аб эканамічнай супрацы з Расіяй. Дэмакратыя ў Беларусі 11 красавіка 1995 года перамагла.

Тады ноччу 12 красавіка дэпутаты, што засталіся начаваць у зале ВС былі жорстка збітыя і выдаленыя сілай “невядомымі” людзьмі са зброяй у руках. Наступілі доўгія гады аўтакратыі і бяспраўя.

Перапалоханыя дэпутаты прынялі Пастанову ВС Беларусі аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму па пытаннях, прапанаваных Прэзідэнтам, 14 мая 1995 года. Адначасова на гэты дзень былі абвешчаны і выбары дэпутатаў у Вярхоўны Савет Беларусі XIII склікання.

Варта адзначыць, што ў Мінску рэферэндум ледзь не праваліўся, бо ў ім узялі ўдзел толькі 52,4% выбаршчыкаў. Не вельмі добрыя вынікі былі і па Беларусі ў цэлым, бо тады галасы яшчэ лічылі. Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, у рэферэндуме прынялі ўдзел толькі 64,8%. З іх за захаванне адзінай дзяржаўнай беларускай мовы прагаласавала 613 516 чалавек (12,7%), а за нацыянальную сімволіку 988 839 чалавек альбо 20,5%, што склала толькі 44,3% ад усіх выбаршчыкаў. Большасць беларускага народа ў маі 1995 года засталася верная сваім спрадвечным сімвалам.

За роўнасць дзвюх дзяржаўных моў прагаласавала 4017273 чалавекі, альбо 51,81%. Хочацца праз 20 гадоў спытаць у ініцыятараў рэферэндума, а ДЗЕ Ж ТАЯ РОЎНАСЦЬ? Чаму вы праігнаравалі волю 4 млн чалавек, панове?

У першым нумары “ЛіМа” пасля рэферэндуму пад загалоўкам “Ганьба тыдня” чытаем: “Тое, што адбылося на Беларусі, – пакуль не трагедыя. Гэта – фарс, гэта – агонія посткамуністычных сіл, у якіх няма ні перспектывы, ні будучыні. Яны непазбежна пацерпяць крах, але шлях Беларусі і беларусаў да сапраўднай незалежнасці ляжыць праз ганьбу і пакуты. Ганьбу мы перажываем цяпер, а пакуты – наперадзе”.

Дваццаць гадоў пакутаў прайшлі, а пагроза незалежнасці засталася. Пра гэта варта памятаць кожнаму беларускаму патрыёту. Пасля наступнага рэферэндуму ў 1996 годзе Канстытуцыя Беларусі была зменена і ў ёй былі ўжо дзве дзяржаўныя мовы. У 1998 годзе ўнеслі такія змены у “Закон аб мовах”, што цалкам “развязала рукі” мясцовым русіфікатарам. Зараз яны маглі поўнасцю ігнараваць беларускую мову і зусім не карыстацца ёю. Імперская Масква вітала і вітае такія змены. Тым не менш, паводле перапісу 1999 г., каля 80 % насельніцтва Беларусі назвалі беларускую мову роднай.

У выніку працяглай дваццігадовай русіфікацыі найбольшага поспеху ворагі беларушчыны дабіліся ў сферы адукацыі.

Паводле звестак з Міністэрства адукацыі Беларусі ад 10 лютага 2015 года мы маем наступную інфармацыю:

 

Інфармацыя

аб установах агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучанне і выхаванне ажыццяўляюцца на беларускай або рускай мове

 

  на     беларускай мовена рускай мове

Рэгіён

Колькасць      устаноў      агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучанне і выхаванне ажыццяўляюцца

Брэсцкая вобласць

275

254

Віцебская вобласць

234

239

Гомельская вобласць

258

293

Гродзенская вобласць

225

122

Мінская вобласць

349

190

Магілёўская вобласць

194

193

г. Мінск

11

229

Рэспубліканскія ўстановы

1

3

Усяго

1547

1523

 

Здаецца, што беларускіх школ у краіне больш за рускіх. Але гэта ў асноўным вясковыя, малакамплектныя школы, якія маюць мала вучняў. Аб гэтым сведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі ад 31.07.2014. 

 

Колькасць навучэнцаў дзённых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі сістэмы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, якія навучаліся на беларускай мове на пачатак 2013/2014 навучальнага года

 

Колькасць навучэнцаў, якія навучаліся на беларускай мове, у працэнтах да агульнай колькасці навучэнцаў

Рэспубліка Беларусь – усяго

15,5

вобласці і г. Мінск:

 

Брэсцкая

21,7

Віцебская

13,6

Гомельская

12,8

Гродзенская

18,3

г. Мінск

2,1

Мінская

27,1

Магілёўская

14,8

                 

 

Не выпадкова, што самая кепская сітуацыя ў Гомельскай вобласці, бо яна далучана да БССР толькі ў 1926 годзе і там беларусізацыя была спынена вельмі хутка.

Каб спыніць русіфікацыю, трэба палітычнае рашэнне, як гэта было ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Будзем спадзявацца, што раней ці пазней гэта адбудзецца.

Алег Трусаў, Старшыня ТБМ,

кандыдат гістарычных навук, дацэнт

 

 

Літаратура

1. Луцкевіч А. Выбраныя творы: праблемы культуры, літаратуры і мастацтва. – Мінск: Кнігазбор, 2006. С. 97-98.

2. Цьвікевіч А. “Западно-руссизм”: Нарысы з гісторыі грамадскай мысьлі на Беларусі ў АХ і пачатку ХХ в. / Пасьляслоўе А.Ліса. 2-е выданне – Мн.: Навука і тэхніка, 1993.

3. Ширяев Е.Е. Беларусь: Русь Белая, Русь Черная и Литва в картах. – Мн.: Навука і тэхніка, 1991. С. 76.

4. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. 42/ М.П.Касцюк, І.М.Ігнаценка, У.І.Вышынскі і інш. Інстытут гісторыі АНБ. – Мн.: Беларусь, 1991. – С. 116-117.

5. Лёсік, Я. 1921 – 1930: Зб. тв. – Мн.: НА РБ: Выд. Логвінаў, 2003. С. 10-11.

6. Смиловицкий Леонид. Цензура в БССР: послевоенные годы, 1044 – 1956. Иерусалим, 2015. С. 28-29.

7. Барыс Сачанка. Шанаваць родную мову // “Літаратура і мастацтва”, 14 снежня 1957, № 99.

8. Станкевіч С. Русіфікацыя беларускай мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу / Прадмова В.Вячоркі. – Мн.: Навука і тэхніка, 1994. С. 70-71.

9. Сымон Барыс. Роля Менска ў беларускім адраджэнні  канца ХХ стагоддзя. // Наша слова, 15 верасня 2004, № 36. С. 3-4.  

 

 

 

 

 

 

Додати коментар


Захисний код
Оновити

Back to top